У вайне з Украінай Расія страціла каля 90 сваіх баявых самалётаў. Пра гэта піша Міністэрства абароны Вялікабрытаніі са спасылкай на ваенную разведку.
— Паветрана-касмічныя сілы Расіі (ПКС) з лютага 2022 года страцілі ў баях каля 90 самалётаў. Акрамя таго, яны эксплуатуюць некаторыя тыпы сваіх баявых самалётаў значна інтэнсіўней, чым у мірны час, — паведамляе разведка Брытаніі.
Вайсковае ведамства адзначае, што ва ўсіх самалётаў ёсць прагназаваны тэрмін службы ў лётных гадзінах. Вельмі імаверна, што праз дадатковую эксплуатацыю ў ваенны час у многіх самалётаў ён скончыцца значна хутчэй, чым планавалі ПКС. Пры гэтым неабходнасць дадатковага тэхнічнага абслугоўвання ўскладняецца недахопам запасных частак з прычыны санкцый.
ПКС захоўваюць магчымасць павялічыць колькасць баявых вылетаў над акупаванай Украінай. Аднак, паколькі вайна цягнецца нашмат даўжэй, чым першапачаткова планавала Міністэрства абароны Расіі, знос самалётаў, імаверна, знізіць тэрміны службы тактычнай авіяцыі РФ, рэзюмуе разведка Вялікабрытаніі.