Найбуйнейшы беларускі прыватны вытворца трыкатажу — група кампаній Mark Formelle — лакалізуе вытворчасць сваіх вырабаў у Расіі. Яго фабрыка пад Нагінскам стане першым вытворчым актывам гэтага бізнесу на адным з ключавых рынкаў збыту. «Люстэрка» расказвае падрабязнасці.
Першая фабрыка ў Расіі
Як даведалася «Люстэрка», уладальнікі Mark Formelle — муж і жонка Святлана Сіпарава і Андрэй Серыкаў — зарэгістравалі ў Расіі ў студзені 2025 года новую юрыдычную асобу — кампанію «Марк Формэль Текс». У іх па 50% акцый гэтай фірмы. Відаць, яе стварылі пад новы праект. Кампанія зарэгістраваная ў пасёлку Зацішша Багародскай гарадской акругі Маскоўскай вобласці.
Тым часам фірма Mark Formelle ў студзені гэтага года размясціла дзясяткі вакансій на новую вытворчасць. Яна шукае розных спецыялістаў — ад механіка/наладчыка вытворчага абсталявання да вязальніцы трыкатажных вырабаў. Месцам працы пазначаны пасёлак Зацішша — тэрыторыя тэхнапарка «Успенскі».
Расійскі рынак, як беларускі і ўзбекскі, уваходзіць у лік прыярытэтных для збыту для Mark Formelle. Звыш 13 гадоў у гэтай суседняй краіне працуе Гандлёвы дом «Марк Фармэль» (яго офіс размешчаны ў горадзе Цвер), які забяспечвае оптавыя пастаўкі і продаж прадукцыі групы праз сетку фірменных крамаў. У апошнюю ўваходзіць больш за 100 гандлёвых пунктаў.
Па выніках 2023 года (больш свежыя звесткі не апублікаваныя ў адкрытым доступе) Гандлёвы дом «Марк Фармэль» паказаў больш чым двухразовы прырост па выручцы (гэта сума за продаж тавараў або паслуг). Яна склала звыш 45 млн даляраў у эквіваленце. Таксама гэтая кампанія выйшла са стратаў, якія былі ў 2022-м. У структуру гандлёвага дома ўваходзіць таксама платформа для працы з пастаўшчыкамі «ПТИР», якую ўладальнікі Mark Formelle набылі ў 2021 годзе ў збяднелага расійскага анлайн-рытэйлера KupiVIP.
Аднак да сённяшняга дня Mark Formelle не меў вытворчай пляцоўкі ў Расіі. Галоўныя магутнасці групы сканцэнтраваныя ў Беларусі, дзе ў 2024 годзе яна ўвяла ў эксплуатацыю новыя фабрыкі ў Наваполацку, Бабруйску і Мазыры. Ёсць таксама дзве фабрыкі ва Узбекістане і магутнасці па выпуску тэкстыльных палотнаў у Турцыі. Усяго ў групы 24 фабрыкі.
Які яшчэ бізнес з беларускімі каранямі асталяваўся ў Падмаскоўі
У гэты расійскі рэгіён вельмі актыўна інвестуе беларускі бізнес. Менш чым за 10 кіламетраў ад фабрыкі, якую запускаюць Сіпарава і Серыкаў, у самім Нагінску, больш за 20 гадоў працуе адзін з найбуйнейшых у Расіі рыбаперапрацоўчых заводаў «Рускае мора». Больш за дзесяць гадоў ён належыць беларусу Аляксандру Машэнскаму і яго кампаніі «Санта Брэмар». У 2023 годзе аб’ём выручкі «Рускага мора» перавысіў 400 млн даляраў.
У 2021 годзе на поўную магутнасць запрацавала пад Сергіевым Пасадам вытворчасць яшчэ адной вядомай беларускай кампаніі — «Сервалюкс». Яе ўладальнік Яўген Баскін выкупіў маёмасць збанкрутавалага завода «Загорскі бройлер» і перазапусціў пад брэндам «Сервалюкс Пасад». Па выніках 2023 года выручка «Сервалюкс Пасада» вырасла да 50 млн даляраў.
Чытайце таксама