З 1 верасня падаражэюць некаторыя цыгарэты. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства падаткаў і збораў. Цана цыгарэты цяпер расце цяпер хутчэй, чым у сярэднім спажывецкія цэны.
Што зменіцца з 1 верасня
Павышэнне цаны закране толькі Pall Mall Superslims Azure, вынікае з абноўленага спісу максімальных цэн на тытунёвую прадукцыю. Цана такога пачка вырасце на 15 капеек — да 5,7 рубля.
Іх вырабляюць на тытунёвай фабрыцы «Нёман», а таксама кампаніі «Тытунь-Інвест» і «Сентоні ПРО».
Таксама паведамляецца, што кампанія «Сентоні ПРО» пачне выпускаць цыгарэты Lucky Strike Aroma Violet, якія будуць каштаваць 5,90 рубля за пачак. А кампанія «АЛІДЗІ-Вест» — цыгарэты Rothmans Click Amber, Rothmans Click Coral і Rothmans Click Purple за 5,60 рубля за пачак.
Як даражэлі цыгарэты
Цэны на тытунёвую прадукцыю кантралююцца дзяржавай. Тым не менш цыгарэты даражэюць прыкметна хутчэй, чым у сярэднім расце ўзровень спажывецкіх цэн. Так, айчынныя цыгарэты з фільтрам за 7 месяцаў гэтага года — са студзеня да ліпеня — выраслі ў цане на 6,3%, імпартныя — на 13,7%. Пры гэтым за апошні год рост цэн на першыя з іх быў 21%, а на другія — на 23,8%, вынікае са звестак Белстата.
Пры гэтым гадавая інфляцыя склала ў ліпені 5,5%. Атрымліваецца, што беларускія цыгарэты ў сярэднім даражэлі ў 3,8 разу хутчэй, чым быў узровень інфляцыі, а імпартныя — у 4,3 разу.
З тых жа звестак Белстата вынікае, што ў ліпені 2022 года ў параўнанні з тым самым месяцам 2021-га (калі ўлады яшчэ не ўзяліся за татальны кантроль цэн) айчынныя цыгарэты выраслі ў цане на 10,9%, а імпартныя — на 9,6%. То-бок пакуль чыноўнікі актыўна змагаюцца з павышэннем цэн на іншыя прадукты і тавары, выгадная для некалькіх буйных бізнесаў галіна, наадварот, паскарае гэты працэс.
Раней у МПЗ тлумачылі, што павышэнне ставак акцызаў на тытунёвыя вырабы — гэта вынік выканання міжнародных пагадненняў з Расіяй.
Пры гэтым стаўкі акцызаў на цыгарэты і алкаголь збіраюцца павышаць не толькі ў 2024-м, але і ў 2025-м. Гэта прадугледжвае дамова паміж Беларуссю і Расіяй па ўскосных падатках.
Як плануецца, у кастрычніку стаўкі акцызаў на цыгарэты другой цэнавай катэгорыі зраўняюцца з расійскімі. Пры гэтым стаўкі на цыгарэты першай катэгорыі ў канцы 2024-га будуць прыкладна на 25% ніжэйшыя, чым у РФ. Чакаецца, што яны зраўняюцца да 2028 года.
Хто зарабляе на цыгарэтах
Рынак тытунёвай прадукцыі прадстаўляюць некалькі буйных гульцоў. Гэта дзяржаўны завод «Нёман», кампанія «Тытунь-Інвест» Віктара Пятровіча і Паўла Тапузідіса, «Інтэр Табака» сям'і Аляксея Алексіна. Двух апошніх называюць «кашалькамі» Аляксандра Лукашэнкі.
Нядаўна на рынку з’явіўся новы гулец — кампанія «Алідзі-Вест», якая ўваходзіць у групу кампаній «Алідзі» расійскага бізнесоўца Дзмітрыя Лісічэнкі. А крыху раней сёлета спіс вытворцаў тытунёвай прадукцыі дапоўніла кампанія «Сентоні ПРО», якой валодаюць Сяргей Карповіч і фірма «Строй-АнДи» Андрэя Піскарова.
Зрэшты, выйграе ад падаражэння не толькі бізнес, але і бюджэт: гандаль такой прадукцыяй прыносіць даходы ў выглядзе акцызаў. Летась тытунёвая галіна прынесла бюджэту 2,5 млрд рублёў, заяўляў у пачатку жніўня Аляксандр Лукашэнка (праверыць гэтыя звесткі немагчыма, бо чыноўнікі схавалі звесткі пра бюджэт).
Калі адштурхоўвацца ад заявы палітыка, то даходы бюджэту ад гэтай галіны склалі 6,32% ад усіх паступленняў рэспубліканскага бюджэту (усяго яны перавысілі 39 млрд рублёў). Усяго ж за кошт акцызаў казна летась папоўнілася 4 млрд рублёў, хоць такія паступленні планаваліся ў памеры амаль 2,2 млрд.
Чытайце таксама


